НАШЫ ЗОРАЧКІ
У чарговы раз засвяціліся зорачкі на небасхіле нашай маленькай радзімы. Свае поспехі, дасягненні, перамогі і славу ў Год малой радзімы адрасуюць табе, наша гарадоцкая зямля, вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №2 г. Гарадка”. Мэтанакіраванасць, упартасць і трывалыя веды зноў прывялі дзяцей да поспеху.
Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі быў арганізаваны Міжнародны анлайн-конкурс па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр-2018”, у якім прынялі ўдзел вучні з дзяржаўных устаноў усёй Рэспублікі. Трое навучэнцаў нашай школы сталі лепшымі, сярод іх Ладохіна Дар’я, Лосеў Дзмітрый і Салдаценка Яўген. Яны ўзнагароджаны дыпломамі 2 ступені. У дасягнутым поспеху вялікая заслуга настаўніка інфарматыкі, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах інтэлектуальнага накірунку “Инт-гульня” Ладохіна Алега Анатольевіча, які закладвае ў вучняў трывалыя веды, развівае кемлівасць, знаходлівасць, а галоўнае - упэўненасць у перамозе.
Вялікую ролю ў фарміраванні ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці і патрыятызму, засваенні духоўных і культурных традыцый народа адыгрывае аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”, якое працуе ва ўстанове адукацыі ўжо трэці год. Кіраўніком аб’яднання з’яўляецца Людміла Пятроўна Ляўшова. Сама яна - творчая натура, мае паэтычныя задаткі, што імкнецца развіваць і ў сваіх навучэнцаў. Наведвальнікі аб’яднання з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі разнастайных творчых конкурсаў.
Установай “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа” быў аб’яўлены Рэспубліканскі конкурс творчых работ “У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных…”, прысвечаны 100-гадоваму юбілею першага выдання паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” і 95-годдзю паэмы “Новая зямля, мэтай якога з’яўлялася выхаванне любові і цікавасці да беларускай літаратуры, папулярызацыя творчасці Якуба Коласа, выяўленне, падтрымка і заахвочванне таленавітых дзяцей. Удзельніцай конкурсу з’яўлялася вучаніца 11-га класа дзяржаўнай установы адукацыі Фофанава Кацярына. У намінацыі “Літаратурнае мастацтва. Проза” яна заваявала дыплом 2 ступені і атрымала каштоўныя падарункі. Дзяўчына мела магчымасць пазнаёміцца асабіста з выдатнымі беларускімі пісьменнікамі М.А. Маляўкам, наместнікам старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” А.А. Стэльмахам, беларускай паэтэсай Л.Ш. Рублеўскай, старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” М.П. Пазняковым, якія ўваходзілі ў склад журы конкурсу і з рук якіх яна атрымала ўзнагароды.
Удзельніцай абласнога конкурсу “Мой Сцяг! Мой Герб!”, які праводзіўся ДУДА “Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі” з’яўлялася Войлакава Ульяна, вучаніца 10-га класа. Мэтай конкурсу было выяўленне ведаў дзяржаўнай сімволікі Республікі Беларусь. Ульяна заваявала дыплом 2-ой ступені ў намінацыі “Літаратурная творчасць”.
Віншуем нашых зорачак з перамогай, а таксама педагогаў, Ладохіна Алега Анатольевіча і Ляўшову Людмілу Пятроўну, якія развіваюць здольнасці ў сваіх вучняў і дапамагаюць дасягнуць поспеху.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вавілава Ірына